КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1793,

асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты без абмеркавання 23.11(5.12).1793 Гродзенскім сеймам 1793. Яе праект распрацаваны К.​Рачынскім, Ф.​Машчынскім, Л.​Тышкевічам пад наглядам царскага пасла Я.​Я.​Сіверса. Паводле К. Рэч Паспалітая захоўвалася як унітарная дзяржава ў складзе правінцый Кароны і княства Літоўскага, падзялялася на ваяводствы, а тыя — на 3 паветы (землі). Захоўваліся кардынальныя правы, гарантаваныя сеймамі 1768, 1775 і Канстытуцыяй 1791. Аднаўлялася выбарнасць караля. Вышэйшым заканад. органам краіны быў сейм, які склікаўся раз у 4 гады на 8 тыдняў. Рашэнні ў сейме прымаліся большасцю галасоў, акрамя самых важных пытанняў заканадаўства, падаткаў, арміі, на якія каралю давалася права вета. Выканаўчая ўлада належала Пастаяннай радзе з 24 чал., у т. л. 11 ад княства. Рада мела 6 дэпартаментаў, рыхтавала заканад. праекты, наглядала за іх рэалізацыяй. склікала сеймы нават без згоды караля. Паўната ўлады ў паветах належала парадкавым камісіям. Членаў камісіі выбіралі на мясц. сейміках з аселай шляхты. Немаёмная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў. Мяшчане атрымалі права набываць землі і шляхецкую годнасць, але не мелі прадстаўніцтва ў сейме. У якасці ўступкі рэформам Чатырохгадовага сейма захаваны зямянскія суды з выбарнымі пасадамі на дзярж. утрыманні. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для судоў быў Трыбунал, асобны для цывільных і духоўных спраў. Фактычна К. не выконвалася, бо страціла сілу ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795, пасля чаго Рэч Паспалітая перастала існаваць.

Я.​С.​Анішчанка.

т. 7, с. 598

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)